Пятница, 10 мая 2024 года
Russian Belarusian English
4 апреля

ЗРАБІ СВОЙ ВЫБАР

Прыйсці, каб застацца
У вішоўскім СВК “Калгас Радзіма” з крыху больш як 300 работнікаў 84 маюць узрост да 35 гадоў.
* Што садзейнічае замацаванню маладых спецыялістаў у гаспадарцы?
*  Якія прэферэнцыі ў дадатак да вызначаных дзяржавай гарантуе кіраўніцтва сельгаскааператыва ўчарашнім выпускнікам ВНУ?
* Якімі якасцямі павінен валодаць малады работнік, каб яго заўважылі, ацанілі, пасадзейнічалі руху па кар’ернай лесвіцы?
Вычарпальныя адказы на гэтыя і шэраг іншых пытанняў, што хвалююць, бадай, усіх маладых спецыялістаў, былі адшуканыя падчас чарговай сустрэчы работнікаў, якія летась размеркаваліся працаваць у самыя розныя арганізацыі эканомікі, установы сацыяльнай сферы раёна, са старшынёй СВК “Калгас “Радзіма”, заслужаным работнікам сельскай гаспадаркі Беларусі, кавалерам ордэнаў Айчыны ІІІ ступені, Працоўны Чырвоны Сцяг Аляксандрам ЛАПАЦЕНТАВЫМ.
Нягледзячы на занятасць, бо акурат у той жа самы дзень у гаспадарцы праходзіў і рэспубліканскі семінар па вывучэнні вопыту арганізацыі эфектыўнай работы жывёлагадоўчай галіны, Аляксандр Міхайлавіч гутарыў з маладымі спецыялістамі значна больш за адведзены праграмай сустрэчы час.   
-Сёння ў нашым сельгаспрадпрыемстве, - сказаў Аляксандр Лапацентаў,- працуе 320 работнікаў. З іх амаль 70 працэнтаў з’яўляюцца выпускнікамі школ, размешчаных на тэрыторыі гаспадаркі, і 30 працэнтаў складу калектыву мае ўзрост да 35 гадоў.
Наша моладзь – таленавітая, працавітая, актыўная, а кіраўніцтва гаспадаркі заўсёды ідзе насустрач ёй, дапамагае наладзіць жыццё на новым месцы.
На канкрэтных прыкладах кіраўнік сельгаспрадпрыемства патлумачыў выгоды маладых работнікаў, якія працуюць у СВК “Калгас “Радзіма”. Да слова сказаць, калектыў адной з перадавых на сёння гаспадарак Беларусі Аляксандр Лапацентаў узначаліў у 25-гадовым узросце. 35 гадоў таму перад маладым кіраўніком адсталага тады калгаса паўстала самае простае пытанне: з чаго пачынаць сваю працу? Якім чынам заахвоціць тых, хто добра робіць, і каб гэты стымул прымусіў без крыку працаваць іншых?
За паўтара дзясятка гадоў у гаспадарцы сфарміраваўся своеасаблівы кодэкс працы, артыкулы якога ўлічваюць як станоўчыя вынікі працы, так і адмоўныя. Кожнага работніка, спецыяліста, кіраўніка. Склалася простая і зразумелая сістэма матэрыяльнага заахвочвання і адказнасці кожнага і ўсіх. Таму работнікі СВК “Калгас “Радзіма” сваю высокую зарплату зарабляюць.  
Што ж да маладых спецыялістаў, то ім прадугледжваюцца шматлікія льготы: камунальныя, крэдытныя, сацыяльныя, жыллёвыя. Напрыклад, маладая сям’я можа атрымаць 25 млн рублёў беззваротнай пазыкі, на працягу двух гадоў гаспадарка кампенсуе і аплату камунальных паслуг, штомесячна маладыя работнікі атрымліваюць і 10-працэнтную надбаўку “за маладосць”. Іншымі словамі, пры добрай працы ў СВК “Калгас “Радзіма” кожны зароблены рубель прымнажаецца рублём дадатковай матывацыйнай даплаты. Ужо цягам доўгага часу штогод да дзесяці лепшых маладых работнікаў калгаса на 10 дзён за кошт гаспадаркі адпраўляюцца адпачываць у самыя лепшыя курорты замежных краін. Прычым, туры выбіраюць самі.
Усе работнікі сельгаспрадпрыемства маюць выхадныя дні, нават у перыяд правядзення масавых работ. Многія праводзяць адпачынак у санаторыях, знаходжанне ў якіх зноў жа аплачвае калгас.
Безумоўна, у час гутаркі закранулася і тэма адносінаў да працы.
Аляксандр Лапацентаў сказаў так:
-Трэба працу любіць. У сельскай гаспадарцы гэта – жывёла, зямля, тэхніка. Калі ідзеш па полю, то павінен чуць дыханне кожнай расліны.
Работай маладых спецыялістаў мы задаволены. Назіраем за імі, даём свабоду дзеянням. Упэўнены, што тэарэтычныя веды нашых маладых спецыялістаў і практычны жыццёвы вопыт іх старэйшых калег з’яўляюцца яшчэ адным трывалым падмуркам далейшага развіцця гаспадаркі.
Намеснік старшыні райвыканкама Андрэй ГАНЧУК парэкамендаваў маладым спецыялістам браць прыклад з Аляксандра Лапацентава, які вельмі шмат робіць для раёна, не баяцца ставіць перад сабой амбітныя задачы. Таму адной з мэт гэтых сустрэч маладых спецыялістаў, якія будуць праводзіцца і далей, з’яўляецца знаёмства іх з сучаснымі кіраўнікамі, каб задумаліся над тым, што варта застацца ў раёне.
-Бялыніччына мае патрэбу ў адукаваных, талковых, крэатыўных, перспектыўных кадрах, у тым ліку і ў кіраўніках, - адзначыў намеснік старшыні райвыканкама. –У нас вельмі многае робіцца, каб маладыя спецыялісты замацаваліся, засталіся жыць і працаваць у раёне, стварылі сем’і. Менавіта ў раёне значна больш магчымасцяў і стартавых умоў, чым у буйным горадзе, каб стаць фігурай, зрабіць выдатную кар’еру.
Андрэй Ганчук спаслаўся і на ўласны прыклад: у 22 гады ён скончыў МДУ імя А. Куляшова, праз два гады ўзначаліў калектыў школы, потым быў прызначаны загадчыкам аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, зараз працуе на пасадзе намесніка старшыні райвыканкама.  
Падзяліліся ўражаннямі аб першым працоўным месцы, сваім адаптацыйным перыядзе і некаторыя маладыя спецыялісты, якія прысутнічалі на сустрэчы. Аляксандр КЛЕШЧАНОК першы год працуе ўрачом агульнай практыкі ў аграгарадку Вялікая Машчаніца. Сам родам з Бялыніччыны, жыллём забяспечаны. Хоча сваё далейшае жыццё звязаць з родным раёнам. Малады спецыяліст ветлячэбніцы Дар’я КАРЧАГІНА адзначыла, што пакуль не расчаравалася сваім размеркаваннем. Але для баўлення вольнага часу не хапае дыскатэкі, танцавальных вечароў. Рэдактар інтэрнэт-рэсурсу раённай газеты “Зара над Друццю” Аксана ПЛЕСКАНЁВА сказала, што на выбар яе першага працоўнага месца паўплывала радзіма бацькі, які нарадзіўся на Бялыніччыне. Райцэнтр дзяўчыне падабаецца чысцінёй і ўтульнасцю, але гарадскому пасёлку не хапае піццарыі, дзе моладзь магла б бавіць свой вольны час, сустракацца.
-Добра, што дзейнічае сучасны кінатэатр, цэны ў якім намнога дэмакратычней за магілёўскія, і ёсць магчымасць знаёміцца з прэм’ерамі ў адзін дзень з мінчанамі, - падкрэсліла Аксана. А вось настаўніца гісторыі Вішоўскай СШ Таццяна ЦЫГАНКОВА сутыкнулася з праблемай рэгістрацыі. Яна родам з Клічаўскага раёна, дзе зарэгістравана па месцы жыхарства бацькоў, муж працуе ў Магілёве. Жыллё атрымала ў інтэрнаце ПМК № 83, але там яе не рэгіструюць.
Магіляўчанка Валерыя ДАЛІМАЕВА пасля сканчэння БДСГА працуе эканамістам ААТ  “Бялыніцкае райаграпрамтэхзабеспячэнне”. Праца падабаецца, калектыў сустрэў добра, адаптавалася паспяхова. Бялынічы дзяўчыне падабаюцца, наведвае ФАК, кінатэатр.
Напрыканцы сустрэчы работнікі Вішоўскага цэнтра культуры і вольнага часу правялі для маладых спецыялістаў гульню накшталт вядомай “Шчаслівы выпадак”, дзе прынялі ўдзел каманды маладых спецыялістаў аграгарадка Вішоў і зборная раёна, а таксама віктарыну. Пераможцы і ўдзельнікі гэтых творчых спаборніцтваў атрымалі падарункі, а таксама ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама – квіткі на бясплатнае наведанне сеанса ў кінатэатры.
Станоўчыя эмоцыі ў маладых спецыялістаў выклікала і экскурсія па залах музея гісторыі СВК “Калгас “Радзіма”, экспанаты якога перанеслі юнакоў і дзяўчат у нялёгкія гады калектывізацыі сельскай гаспадаркі, калі нарадзіўся і сённяшні СВК “Калгас “Радзіма”, у суровыя гады выпрабаванняў Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенную разруху, у перыяды ўзбуйненняў і паспяховага развіцця гаспадаркі, што стала дзякуючы нястомнай, руплівай працы ўсіх яе работнікаў пад кіраўніцтвам Аляксандра Лапацентава лепшай у раёне і адной з лепшых у рэспубліцы.
КАМЕНТАРЫЙ
Ала ГАПЕЕВА,
начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама:
-Мы і надалей плануем праводзіць такія вось сустрэчы маладых спецыялістаў у нефармальнай абстаноўцы, дзе яны знаёмяцца паміж сабой, з таленавітымі кіраўнікамі, цікавымі памятнымі мясцінамі раёна. У бліжэйшы час яны збяруцца ў ААТ “Новая Друць”, ПМК № 241.
Чакаем, што такія сустрэчы сфарміруюць у маладых спецыялістаў імідж Бялыніччыны, паспрыяюць актывізацыі іхніх ініцыятыў, заахвоцяць да розных відаў сацыяльна-значнай дзейнасці і актыўнага ўдзелу ў раённых мерапрыемствах. Усё гэта будзе садзейнічаць замацаванню іх у раёне.
Уважліва адносімся і да праблем, якія спадарожнічаюць маладым людзям на іх першым рабочым месцы. На сённяшняй сустрэчы іх прагучала некалькі. Усе яны зафіксаваны, будзем думаць, як іх вырашыць.
Я пераканана, што менавіта першае рабочае месца прадвызначае далейшы працоўны лёс чалавека. Таму ўсім нам неабходна рабіць усё патрэбнае для таго, каб малады спецыяліст убачыў прыгажосць Бялыніччыны, пачаў тут працаваць і вырашыў застацца ў гэтым краі назаўсёды.      
Міхась КАРПЕЧАНКА.
Поделиться:

Афиша и объявления

6 мая
8 мая 2024 г. с 16.00 до 17.00 в здании райисполкома проведет выездной прием граждан и представителей юридических лиц, прямую телефонную линию по телефону...
30 апреля
8 мая 2024 г. с 10.00 до 11.00 в здании райисполкома пройдет выездной прием граждан и представителей юридических лиц, прямая телефонная линия
18 апреля
24 и 26 апреля 2024 года в районном центре культуры (г.Белыничи, ул.Советская, д.20) будет проводиться республиканская молодежная ярмарка вакансий по вопросу...
© 2007 Белыничский районный исполнительный комитет
213051, г. Белыничи, ул. Советская, 29
+375 (2232) 78-7-22, +375 (2232) 78-7-22 (факс)
rik@belynichi.gov.by
  Дизайн и разработка -
«Реактивные технологии»
AskerWEBТехническая поддержка сайта. ООО "AskerWeb"
Телефон «горячей линии» Белыничского исполкома

+375 (02232) 78-741

Понедельник – пятница с 8.00 до 17.00

Перерыв с 13.00 до 14.00

Режим работы Белыничского исполкома

213051 г. Белыничы, ул. Советская, 29

Понедельник – пятница с 8.00 до 17.00

Перерыв с 13.00 до 14.00