21 мая
Раённы семінар-нарада па пытаннях правядзення корманарыхтоўчага сезона прайшоў на базе СВК “Калгас “Радзіма”

Удзел у ім прыняў старшыня райвыканкама Мікалай КАДАЦЕНКА.
СВК “Калгас “Радзіма” па праву лічыцца школай перадавога вопыту, дзе не толькі ўмела, эфектыўна гаспадараць па ўсіх накірунках сельгасвытворчасці і ў гэтак званых дапаможных галінах, але і не баяцца смела эксперыментаваць. Адзін з яскравых прыкладаў паспяхова праведзенага эксперыменту гаспадаркі – ажыццяўленне і ўкараненне тэхналогіі палоснай сяўбы кармавых культур, што летась дазволіла з аднаго поля сабраць тры ўкосы зялёнай масы.
Калі ў мінулым годзе такое поле тут займала 111 гектараў, то сёлета плошча яго падвоілася, і пад палосныя пасевы адведзены два полі, на адным з якіх, дзе поўным ходам вялася ўборка рэдзькі алейнай і азімага жыта, і сабраліся ўдзельнікі раённага семінара: кіраўнікі гаспадарак, галоўныя аграномы, інжынеры, эканамісты, ветурачы, заатэхнікі.
Старшыня райвыканкама Мікалай Кадаценка адзначыў, што гэтым семінарам даецца старт правядзенню корманарыхтоўчага сезона бягучага года.
– Часу на раскачку ў вас няма, – сказаў Мікалай Міхайлавіч удзельнікам семінара. – Ва ўсіх гаспадарках ёсць усё неабходнае, каб вынікова працаваць на кармавых палетках. Таму на месцах усім трэба звярнуць асаблівую ўвагу на дысцыпліну, захаванне тэхналогій і тэхнічных рэгламентаў, без чаго немагчыма паспяхова выканаць пастаўленыя задачы па стварэнні кармавой базы на чарговую зімоўку жывёлы.
Кіраўнік раёна ў сваім выступленні таксама звярнуў увагу на недахопы мінулагодняга корманарыхтоўчага сезона, назваў вузкія месцы падрыхтаванасці да бягучага і запатрабаваў аператыўна ліквідаваць усе агучаныя ім недапрацоўкі.
Фінансавая паспяховасць сельгаспрадпрыемства круглы год залежыць ад стану яго малочнай жывёлагадоўлі, паколькі малако з’яўляецца ліквідным таварам, яно кожны дзень прыносіць грошы. Аксіёма вядомая: чым больш надоіш сырадою, тым больш кругленькая сума апынецца на банкаўскім рахунку гаспадаркі. А для гэтага неабходна трывалая кармавая база. Яна і закладваецца акурат у корманарыхтоўчы перыяд.
Кіраўнік раёна запатрабаваў ад кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў развярнуцца тварам да выкарыстання прагрэсіўных тэхналогій нарыхтоўкі травяных кармоў: назапашваць сянаж шляхам упакоўкі травяной масы ў палімерную плёнку. Для гэтага неабходна і аб’ядноўваць тэхнічныя магчымасці, дапамагаючы адзін аднаму. Дарэчы, некалькі гадоў таму гэту тэхналогію першымі ў раёне асвоілі менавіта ў СВК “Калгас “Радзіма”. І сёлета тут плануюць нарыхтаваць такім чынам больш за пяць тысяч тон сенажу.
Яшчэ адно патрабаванне старшыні райвыканкама па тэме прагрэсіўных тэхналогій заключалася ў асваенні ва ўсіх гаспадарках палоснага вырошчвання кармавых культур, на поўніцу сёлета неабходна задзейнічаць і магчымасці вырошчвання прамежкавых раслін, што дазволіць з аднаго поля сабраць па два ўраджаі травяной масы.
Старшыня СВК “Калгас “Радзіма” Аляксандр ЛАПАЦЕНТАЎ у дэталях і на канкрэтных прыкладах раскрыў вопыт падрыхтоўкі гаспадаркі да кожнага корманарыхтоўчага перыяду і правядзення яго, які ўжо даўно тут стаў цэльнай, маналітнай сістэмай, што з году ў год удасканальваецца толькі ў нюансах. Адносна выкарыстання тэхналогіі палоснай сяўбы кармавых культур найвопытнейшы кіраўнік перадавога сельгаспрадпрыемства заўважыў, што менавіта яна пры мінімальных затратах дазваляе з вясны да восені, за адзін вегетацыйны перыяд, з аднаго поля сабраць тры ўраджаі багатай на бялок травяной масы.
– Нашы фінансавыя затраты на вырошчванне трох ураджаяў на эксперыментальным полі ў мінулым годзе, – паведаміў удзельнікам семінара Аляксандр Міхайлавіч, – склалі каля 60 тысяч рублёў. З кожнага гектара атрымалі па 109 цэнтнераў кармавых адзінак пры кошце 1 цэнтнера іх у 5 рублёў. А кошт таго ж цэнтнера кармавых адзінак кукурузы, што вырошчвалі на сілас, дасягнуў узроўню 10,7 рубля.
Аляксандр Лапацентаў заклікаў калег змяніць уласныя падыходы да вырошчвання і нарыхтоўкі травяных культур, выкарыстоўваць магчымасці тэхналогіі палоснай сяўбы іх і ў чарговы раз агучыў сваё жаданне аказаць ім дапамогу ў гэтай справе.
Галоўны аграном СВК “Калгас “Радзіма” Аляксандр ЛЕЙБУЦІН на прыкладзе мінулага года падрабязна расказаў удзельнікам раённага семінара пра ўвесь ланцужок тэхналогіі вырошчвання і ўборкі трох ураджаяў, аб дасягнутых выніках. Напрыклад, ураджайнасць пасеянай палосамі ўвосень 2016 года сурэпіцы і жыта, якую ўбіралі вясной, склала па 270 цэнтнераў з гектара. На гэтым жа полі пры мінімальнай апрацоўцы глебы пасеялі потым авёс з палюшкай. З кожнага гектара атрымалі па 250 цэнтнераў зялёнай масы. Затым у глебу загарнулі проса – па 180 цэнтнераў з гектара сабралі трэцяга ўраджаю. Такім чынам, кожны гектар аднаго і таго ж поля сумарна прынёс гаспадарцы каля 700 цэнтнераў зялёнай масы.
Удзельнікі семінара мелі магчымасць дэтальна пазнаёміцца з арганізацыяй уборкі рэдзькі алейнай і азімага жыта, пасеяных палосным метадам, падрыхтоўкай поля да чарговага засявання, а таксама і з пакетам дакументаў, прынятых у СВК “Калгас “Радзіма” на перыяд масавага корманарыхтоўчага сезона, які тут пачаўся 14 мая. Там усё дакладна і зразумела прапісана і распісана. Да слова сказаць, ксеракопіі гэтых дакументаў былі перададзены кіраўнікам усіх сельгаспрадпрыемстваў раёна. Для вывучэння і выкарыстання.
…Вытворчасць малака з’яўляецца падмуркавай крыніцай фінансавай стабільнасці, эканамічнай устойлівасці кожнага сельскагаспадарчага прадпрыемства. А каб было тое малако, патрэбен травяны фураж: якасны і ў дастатковай колькасці. І з надзейным запасам, як гэта мы бачым у СВК “Калгас “Радзіма”.
Поделиться: