У Бялыніцкім раёне прайшоў практыка-арыентаваны семінар-нарада кіраўнікоў прадпрыемстваў ЖКГ вобласці

У Бялыніцкім раёне прайшоў практыка-арыентаваны семінар-нарада кіраўнікоў прадпрыемстваў ЖКГ вобласці, арганізаваны ўпраўленнем ЖКГ аблвыканкама і абласным камітэтам Беларускага прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў. Тэмай яго стала павышэнне эфектыўнасці работы аб’ектаў камунальнага прызначэння, зніжэнне кошту жыллёва-камунальных паслуг і страт; спосабы эфектыўнага кіравання працоўнымі калектывамі.
Гэта ўжо не першы такі семінар, што яскрава падкрэслівае – бялыніцкія камунальнікі валодаюць напрацоўкамі і вопытам, якія патрабуюць абагульнення і прымянення ў іншых рэгіёнах.

Перш за ўсё ўдзельнікі семінара пазнаёміліся з вынікамі працы ўчастка кантрольна-вымяральных прыбораў і аўтаматыкі (КВПіА). Пяць чалавек, якія задзейнічаны тут, выконваюць значны аб’ём работ: паверку і рамонт лічыльнікаў вады і манометраў, электрафізічныя вымярэнні, праверку пажарных гідрантаў. Арганізацыя работы сертыфікаванай лабараторыі дазволіла не толькі адмовіцца ад прыцягнення старонніх арганізацый да аказання дадзеных відаў паслуг, але і прадаваць іх арганізацыям і насельніцтву.

Асаблівую ўвагу госці праявілі да вопыту калектыву жылкамгаса па правядзенні капітальнага рамонту і тэхнічнага абслугоўвання жыллёвага фонду. Яны з цікавасцю ўспрынялі выступленне дырэктара БУКП “Жылкамгас” Віктара ІВУЛЁВА, які расказаў аб гэтым кірунку і прывёў канкрэтныя факты і лічбы.
Віктар Міхайлавіч звярнуў увагу прысутных на тое, што ўсе работы на аб’ектах выконвае брыгада будаўнікоў прадпрыемства.

Правядзенне будаўнічых работ гаспадарчым спосабам дае магчымасць эканоміць грашовыя сродкі і дадаткова рамантаваць адзiн дом кожны год. Сёлета тры дамы ўжо ўведзены ў эксплуатацыю пасля капітальнага рамонту, яшчэ два будуць здадзены да канца года. Усяго з 2009 года адрамантавана больш за 56 тыс. кв. м жылля.
Адразу некалькі кірункаў дзейнасці БУКП “Жылкамгас” былі разгледжаны падчас наведання цэнтральнай кацельні ў Бялынічах. Галоўны інжынер БУКП “Жылкамгас” Мікалай КАНКЕВІЧ расказаў пра вопыт эксплуатацыі кагенератыўнай устаноўкі і ўтылізатара топачных газаў.
Начальнік участка па абслугоўванні цеплавых сетак Дзмітрый КУНЦЭВІЧ праінфармаваў аб працы па аптымізацыі цепласетак і пракладцы папярэдне ізаляваных труб (ПІ-труб). Бялыніцкія камунальнікі на выдатна засвоілі тэхналогію іх пракладкі, якасна праводзяць будаўніча-мантажныя работы і далейшае абслугоўванне ПІ-трубаправодаў уласнымі сіламі.

Затым удзельнікі семінара пераехалі ў аграгарадок Свяцілавічы, дзе наведалі аўтаматызаваную кацельню і пазнаёміліся з вопытам дыспетчарызацыі кацельнай гаспадаркі.
Завяршыўся семінар-нарада ў РЦК выніковым пленарным пасяджэннем.
Андрэй СУПІТАЛЁЎ.