З прыцэлам на перспектыву і супрацоўніцтва

У тым, што вёска мае шмат перспектыў развіцця, упэўніліся ўдзельнікі VI Маладзёжнага Форуму Беларусі і Расіі “Моладзь за Саюзную дзяржаву” падчас наведвання СВК “Калгас “Радзіма”.
Гэта мерапрыемства адбылося ў рамках V форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Прадстаўнікі маладзёжных аб’яднанняў дзвюх краін сабраліся ў Магілёве, дзе для іх была арганізавана насычаная праграма: цікавыя сустрэчы, знаёмства з працай лепшых у сваіх сферах прадпрыемстваў Магілёўшчыны – ААТ “Бабуліна крынка” і Бялыніцкі СВК “Калгас “Радзіма”.
Удзельнікі маладзёжнага форуму наведалі аграгарадок Вішоў, дзе ўсклалі кветкі да мемарыяла на Алеі Славы гаспадаркі. Затым дэлегацыя перамясцілася ў краязнаўчы музей. Падчас агляду яго экспазіцый і карціннай галерэі госці не хавалі свайго захаплення той акалічнасцю, з якой беражлівасцю і адказнасцю вішоўцы адносяцца да сваёй гісторыі і матэрыяльнай культуры. З цікавасцю слухалі маладыя людзі і старшыню сельгаскааператыва Аляксандра ЛАПАЦЕНТАВА.
– Усе з вас, пэўна, гарадскія? – запытаўся Аляксандр Міхайлавіч. – І дрэнна ўяўляеце сабе вясковае жыццё. Наколькі ведаю, некаторыя бацькі палохалі сваіх дзяцей, што калі тыя будуць дрэнна вучыцца, пойдуць працаваць трактарыстамі ў калгас. У нашым сельгаскааператыве слова “калгаснік” не абразлівае, а, наадварот, – ганаровае. У гаспадарку на працу прыходзяць людзі адукаваныя і падрыхтаваныя. Калі раней новую тэхніку атрымлівалі толькі самыя вопытныя механізатары, то зараз – прыярытэт за моладдзю. Сучасныя сельскагаспадарчыя машыны маюць камп’ютарнае кіраванне, відэакамеры. Каму, як не моладзі, на іх працаваць?

Нямала былі здзіўлены ўдзельнікі форуму тым, што жыллё для членаў сельгаскааператыва і аб’екты сацыяльнай інфраструктуры – летні амфітэатр, царква, музей, Алея Славы – былі пабудаваны за кошт сродкаў СВК “Калгас “Радзіма”.
– Усё, што мы робім, – гэта выключна для камфортнага жыцця людзей, – падкрэсліў Аляксандр Лапацентаў. – Дамы калгаснікаў маюць камунальныя выгоды не горшыя, чым у горадзе, амфітэатр, царква і музей запатрабаваныя ў нашых людзей. На кожным вытворчым аб’екце створаны годныя ўмовы для працы і адпачынку.
Акрамя таго, Аляксандр Міхайлавіч звярнуў увагу ўдзельнікаў форуму на перспектывы развіцця аграгарадка, тое, што ў вясковай моладзі ёсць будучае, створанае рукамі папярэднікаў. І зараз падрастаючае пакаленне вучаць з пашанай адносіцца да ўсяго, што стварылі бацькі праз музейныя заняткі і экскурсіі, народныя святы, далучэнне да працоўных традыцый.

Аб дзейнасці Магілёўскага абласнога камітэта “БРСМ” распавёў яе першы сакратар Павел АЛЕКСА. Праводзілі секцыю старшыня Асацыяцыі грамадскіх аб’яднанняў “Нацыянальны Савет маладзёжных і дзіцячых аб’яднанняў Расіі” Рыгор ПЕТУШКОЎ і першы сакратар ЦК “БРСМ” Дзмітрый ВАРАНЮК.
Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.
Фота аўта