Сустрэча мужнасці, памяці і смутку

У пятніцу адбылася традыцыйная сустрэча воінаў-інтэрнацыяналістаў Бялыніччыны з кіраўніцтвам райвыканкама.
У зале пасяджэнняў сабраліся каля сарака членаў раённай арганізацыі РГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” на чале са старшынёй яе Віктарам ПАДОЛЬСКІМ.
Са шчырымі словамі падзякі і пажаданнямі з нагоды юбілейнай даты – 30-годдзя вываду абмежаванага кантынгенту савецкіх войск з Афганістана і надыходзячага Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў да “афганцаў” звярнуліся старшыня райвыканкама Анатоль ШЧУПЛЯНКОЎ і ваенны камісар Бялыніцкага і Круглянскага раёнаў Мікалай ГАМОЛКА.

Ён пажадаў воінам-інтэрнацыяналістам моцнага здароўя, дабрабыту і мірнага неба над галавой, а памяць загінулых на вайне землякоў ушанавалі хвілінай маўчання.

Падчас урачыстай сустрэчы Мікалай Гамолка ўручыў Віктару Падольскаму і Аляксандру Юшкевічу юбілейныя медалі “100 год Узброеным сілам Рэспублікі Беларусь”, а таксама “30 год вываду савецкіх войск з Афганістана”. Дарэчы, апошнюю атрымалі ўсе прысутныя ў зале воіны-інтэрнацыяналісты.

Дарэчы, з нагоды юбілейнай даты, інфармацыйнае агенцтва “Магілёўскія ведамасці” выдала кнігу “Афганістан. Старонкі мужнасці”, у якой размешчаны нарысы пра воінаў –“афганцаў”, іх успаміны пра ваенныя будні, фотаілюстрацыі, дакументы.
Марыя ШУТ.
Фота аўтара