У мінулую суботу на Бялыніччыне прайшоў чарговы суботнік

У мінулую суботу на Бялыніччыне прайшоў чарговы суботнік, у якім актыўны ўдзел прынялі калектывы ўстаноў, арганізацый, прадпрыемстваў і гаспадарак.
Па 30 красавіка на Магілёўшчыне праводзіцца месячнік па навядзенні парадку на роднай зямлі, добраўпарадкаванні тэрыторый вытворчых аб’ектаў, агульнага выкарыстання, вуліц, населеных пунктаў.
Раённы штаб па навядзенні парадку распрацаваў план асноўных мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні, азеляненні і навядзенні парадку ў горадзе і сельскіх паселішчах, якія неабходна выканаць за час правядзення месячніка і суботнікаў. Яно і зразумела, з прыходам вясны і ў пярэдадзень вялікіх майскіх свят усім нам неабходна па добрай і даўняй традыцыі навесці ўзорны парадак на тэрыторыях, дзе працуем і жывём, дзе бавім свой вольны час і адпачываем. І гэта з’яўляецца пасільнай задачай для кожнага жыхара раёна, бо ўсе мы павінны праяўляць клопат не толькі аб падтрыманні чысціні ва ўласным жыллі, але і ў тым асяроддзі, якое нас акружае.


Падчас праведзенага 13 красавіка суботніка таксама выкананы значны аб’ём работ. Напрыклад, работнікі жылкамгаса, райвыканкама, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, фінансавага аддзела, раённай дзяржаўнай станцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін, рэдакцыі райгазеты “Зара над Друццю” займаліся ўборкай, навядзеннем парадку і афарбоўкай агароджы на гарадскіх могілках. Прадстаўнікі працоўных калектываў ЦРБ і БУКП ЖКГ фарбавалі драўляную агароджу на Слабадскіх грамадзянскіх могілках, камунальнікі яшчэ ўстанаўлівалі агароджу на Міхалоўскіх могілках, наводзілі парадак на тэрыторыі лесапасадкі каля ракі Друць, кацельні ПМК № 241, уласнай вытворчай базы, займаліся афарбоўкай бардзюрнага каменя. Супрацоўнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама рамантавалі і фарбавалі сцэнічную пляцоўку ў Ліпавым гаі. Работнікі аддзела па адукацыі і раённага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва прыбіралі тэрыторыю МТК “Трылесін” ААТ “Бялынічы”, фарбавалі агароджу комплексу. Запланаваныя віды работ у час суботніка выконвалі таксама работнікі ДРБУ № 170 і ДЭУ № 74, ПМК № 241, паштовай і электроннай сувязі, электрычных сетак, райЦГЭ, РАНС, раённага ФСАН, дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў, педагогі і выхаванцы дапаможнай школы-інтэрната, іншых арганізацый і ўстаноў.


Безумоўна, зроблена ў плане навядзення ўзорнага парадку і добраўпарадкавання, азелянення яшчэ далёка не ўсё.


Раённы штаб па навядзенні парадку запрашае далучыцца да актыўнага ўдзелу ў мерапрыемствах месячніка чысціні і суботнікаў усе працоўныя калектывы, насельніцтва раёна, дэпутатаў, органы тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, членаў грамадскіх аб’яднанняў.


Фота аўтара.