Тут жыве пераемнасць традыцый…

Ужо ў 12 раз свята ў гонар святых Апосталаў Пятра і Паўла сабрала сяброў у аграрадку Вішоў.
Гэта маштабная падзея з’яўляецца не толькі візітнай карткай Вішоўшчыны, але і ўсяго Прыдруцкага краю. Яго галоўныя складнікі – духоўнасць і пераемнасць традыцый аб’ядноўваюць і жыхароў мясцовых вёсак, і працаўнікоў СВК “Калгас “Радзіма”, і шматлікіх гасцей, якія з задавальненнем далучаюцца да праваслаўнай веры падчас службы ў храме ў гонар Пятра і Паўла, а таксама ўзбагачаюцца духоўна на свецкім культурным мерапрыемстве.


Завіталі раздзяліць свята з вішоўцамі намеснік старшыні аблвыканкама Андрэй КУНЦЭВІЧ, старшыня абласной арганізацыі ветэранаў Анатоль ГЛАЗ, архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі, уладыка Сафроній, старшыня райсавета дэпутатаў Андрэй ГАНЧУК і намеснік старшыні райвыканкама Ірына ФУРСАВА.
Падчас прывітальнага слова Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі, Ганаровы грамадзянін Бялыніцкага раёна, кавалер шматлікіх ордэнаў, старшыня СВК “Калгас “Радзіма” Аляксандр ЛАПАЦЕНТАЎ адзначыў, што за 12 прамінулых гадоў свята не толькі не згубіла сваёй маштабнасці, наадварот стала вялікай культурнай падзеяй рэгіянальнага значэння. Таксама ён выказаў падзякі архіепіскапу Магілёўскаму і Мсціслаўскаму Сафронію і айцу Паўлу за вялікую духоўную работу, якую праваслаўная царква ў іх асобах праводзіць для насельніцтва, і павіншаваў настаяцеля храма з днём нараджэння.


Пад урачыстыя апладысменты на сцэну падняліся ветэраны працы, што ў розны час былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. Яны пажадалі маладому пакаленню, якое прыйшло ім на змену, адказна і шчыра працаваць, як некалі яны, быць гонарам сваёй малой радзімы.
Яшчэ адным важным момантам свята стаў працяг традыцыі, закладзенай старшынёй сельгаскааператыва Аляксандрам Лапацентавым. У 2017 годзе па яго ініцыятыве лепшым працаўнікам гаспадаркі, якія маюць больш за 15 гадоў стажу ўзорнай працы, а таксама тры гады запар знаходзяцца на Дошцы гонару, сталі прысвойваць спецыяльнае званне “Заслужаны калгаснік СВК “Калгас “Радзіма” і ўручаць адпаведны медаль. Сёлета такое званне атрымаў трактарыст-машыніст Аляксандр КУЗЬМЯНКОЎ.


Цікавай і шматнасычанай была забаўляльная праграма для гасцей свята.
Каля Алеі Славы разгарнуліся тэматычныя пляцоўкі Магілёўскага абласнога ўпраўлення МНС і РАНС, якія былі прымеркаваны да рэспубліканскай прафілактычнай акцыі “З клопатам аб малой радзіме”. Ратавальнікі прапаноўвалі дзятве падняцца на каленчатым пад’ёмніку, пакатацца на лодцы, выпрабаваць у дзеянні ратавальнае абарудаванне, прайсці па паласе перашкод, паспаборнічаць на трапнасць і лоўкасць, зрабіць фота ў тэматычнай фотазоне і шмат чаго іншага. Таксама дзеці ўдзельнічалі ў інтэлектуальных віктарынах і конкурсах, падчас якіх вызначаліся іх веды асноўных правілаў бяспекі і адпрацоўваўся алгарытм дзеянняў пры ўзнікненні надзвычайнай сітуацыі.
Для людзей больш сталага ўзросту цікавае выступленне арганізаваў эстрадна-духавы аркестр абласнога ўпраўлення МНС. Пад сусветнавядомыя хіты, выконваемыя ўжывую, можна было і патанцаваць.


Вядома ж, не абышлося без традыцыйнага конкурсу касцоў, удзел у якім прынялі працаўнікі розных галін вытворчасці СВК “Калгас “Радзіма”. Кампетэнтнае журы ў складзе Аляксандра ГАГІЕВА і Івана КАЗАКОВА першае месца і бензатрымер прысудзіла Васілю ЛЯНЬКОВУ, другое і трэцяе дасталіся адпаведна Уладзіміру ВАСІЛЬЕВУ і Яўгену БАЛЬШАКОВУ. Яны атрымалі ў падарунак электраінструменты, а астатнія ўдзельнікі конкурсу – грашовыя прэміі ў якасці заахвочвання.
Выдатны настрой напрацягу ўсяго свята стваралі артысты РЦК і Вішоўскага СЦКіВЧ, а завяршальным акордам стала выступленне ансамбля казацкай песні “Бацька атаман”. Гэтыя артысты не ўпершыню выступалі на сцэне Вішоўскага амфітэатра, таму гледачы віталі іх творчыя нумары бурнымі авацыямі.











Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.
Фота аўтара, Ірыны Бяляўцавай і Уладзіміра ПРАКУДЗІНА.