Сабрацца ў школу. Квэст працягваецца…

Да першага верасня засталося не так шмат часу, а гэта значыць, што пара збіраць дзяцей у школу. Дзе ў нашым райцэнтры можна купіць школьныя прыналежнасці і ці ўдасца бацькам сэканоміць, пацікавілася карэспандэнт “Зары над Друццю”.
Спіс школьных прылад дастаткова аб’ёмны, асабліва для вучняў малодшых класаў. Набор для канцтавараў, які спатрэбіцца малодшым школьнікам, прыкладна такі: пенал, сіняя ручка, просты аловак, каляровыя алоўкі, сшыткі, лінейка, гумка, вокладкі для сшыткаў і кніг, пластылін, альбом для малявання, гуаш, акварэльныя фарбы, пэндзлі, каляровая папера і кардон, клей, нажніцы, нататнік, дзённік… Для старэйшых школьнікаў патрэбны будуць агульныя сшыткі на 48 лістоў, папкі і файлы, карэктар, цыркуль.
Калі са зборам канцылярскіх прылад у бацькоў звычайна праблем не ўзнікае, ёсць дзе іх купіць і па суме атрымліваецца не так і шмат, то з набыццём адзення і абутку больш складаней. Па-першае, дзеці да 15 гадоў актыўна растуць. Да гэтага ўзросту абнаўляць гардэроб школьнікаў трэба штогод, што ўлятае бацькам у “капейчыну”. Па-другое, пры куплі адзення і абутку трэба ўлічваць меркаванне самога дзіця, бо неўпадабаную ім рэч падлетак проста не будзе насіць. Па-трэцяе, у Бялынічах не шмат спецыялізаваных месцаў, дзе прадаюцца школьныя рэчы. Адно з іх – магазін “Дзіцячы свет” райста. Варта падкрэсліць: тут можна купіць якасныя і, што немалаважна, недарагія тавары беларускай вытворчасці.
– Часта паход у магазін многія адкладаюць на самы апошні момант, – заўважае прадавец дзіцячага магазіна райста Лілія МАНЁНАК. – Думаю, што гэта не зусім добра. Але, як заўсёды, нам ёсць, што прапанаваць маленькім бялынічанам. У наш магазін завезены новыя мадэлі адзення для школьнікаў, ёсць і рэшткі тавараў з мінулага года.
Цэны на школьную форму вар’іруюцца, вядома ж, у залежнасці ад тканіны, з якой пашыта адзенне, памеру і вытворцы.

Даволі шырокі выбар школьных ранцаў, прадстаўлены яны на любы густ і колер. Для дзяўчынак і хлопчыкаў лёгкія яркія заплечнікі каштуюць ад 31 да 45 рублёў.
– Зараз, безумоўна, папулярныя рукзакі з жорсткай рэльефнай спінкай, з анатамічнымі ўстаўкамі, рэкамендаванымі ўрачамі-артапедамі, – распавяла Лілія Манёнак. – Яны могуць карэктаваць няправільную паставу. Асноўная задача падобных ранцаў – не шкодзіць і раўнамерна размяркоўваць вагу падручнікаў, засцерагаючы дзяцей ад перагрузак.
Таксама карэспандэнт зазірнула і ў абутковы аддзел гэтай гандлёвай кропкі. У сярэднім, туфлі для хлопчыкаў і дзяўчынак, якія пойдуць у першы клас, каштуюць ад 41 руб. Цэны на абутак для старшакласнікаў не нашмат вышэй і вар’іруюцца ў межах 60-100 рублёў. Спартыўны абутак можна набыць ад 22 да 38 рублёў.
Аліна ЦЫГАНІЙ.
Фота аўтара.