Калі справа па душы, тады і выдатна працуеш

Сям’я Дзмітрыя і Галіны ЛЯНЕЎСКІХ у аграгарадку Вішоў пазнавальная і адметная. Працавітасцю. Камунікабельнасцю. Добрымі дзеткамі.
Галіна Ягораўна і Дзмітрый Барысавіч робяць жывёлаводамі на комплексе, што ў вёсцы Саглассе. У кожнага – па хлеве цялятак. Яшчэ ў адным суседнім хлеве знаходзіцца і рабочае месца Галінінай сястры Жанны СУСЛЯНКОВАЙ.
З нагоды прафесійнага свята работнікаў аграрнай галіны сёлета Галіна Лянеўская была ўзнагароджана Ганаровай граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. Яна і па сёння яшчэ шчасліва перажывае ўрачысты момант уручэння ёй той высокай узнагароды.
За сваю працу ў СВК «Калгас «Радзіма», якой жанчына прысвяціла больш за пятнаццаць гадоў жыцця, а рабіла яна і лабарантам, і даяркай, і жывёлаводам, таксама неаднаразова заахвочвалася і праўленнем гаспадаркі, і райвыканкамам.
– Дома зберагаюцца ўсе тыя ўзнагароды, – не без гордасці кажа Галіна Ягораўна.
Зараз пад яе апекай знаходзяцца 295 цялятак. Утрымліваюцца яны ў новым памяшканні, якое калгасныя будаўнікі ўзвялі месяц таму. І тут тая ж эканомная, малазатратная тэхналогія, як на будаўніцтве самога вытворчага памяшкання, так і на доглядзе маладняку буйной рагатай жывёлы, аб якой не адзін раз распавядала сваім чытачам і раённая газета «Зара над Друццю». А непадалёку вырастае літаральна на вачах яшчэ адзін такі хлеў.
– Мая задача, – удакладняе Галіна Лянеўская, – забяспечыць атрыманне тэхналагічных прываг сваіх гадаванцаў. І ўсё для гэтага ў жывёлаводаў сельгаспрадпрыемства маецца: камфортныя ўмовы на працы, на рабочых месцах чысціня і парадак, цяляткі пад поўную патрэбнасць забяспечаны выпайкай, камбікормам, сенам. У хлеве, дзе яны ўтрымліваюцца, заўсёды пануе свежае паветра, створана спрыяльная мікра-флора. Галоўнае – любіць сваю справу, каб кожнае цяляці было своечасова накормлена, напоена, абслужана і дагледжана.
Задаволена Галіна Лянеўская і сваімі з мужам заробкамі. Хоць і здараліся ў іхнім жыцці і такія часы, калі лішняй капейкі не было. Але гэта ўжо ў далёкім мінулым. Дзмітрый пасля ліквідацыі ПМК-83, пабыўшы ў дэкрэтным адпачынку па доглядзе за сынам Глебам, які сёлета пайшоў у першы клас, нарэшце-такі знайшоў для сябе дастойную працу. І робіць на гэтай ферме поруч з жонкай ужо тры гады.
А яшчэ ў Лянеўскіх, як на сённяшні час, вялікая сям’я: чатыры дзіця. Старэйшая, Ганна, замужам, у Магілёве мае сваю кватэру і атрымлівае вышэйшую адукацыю ў БРУ. Трое малодшых з’яўляюцца вучнямі Вішоўскай школы. Вучацца і паводзяць сябе добра, таму атрымліваюць ад калгаса стыпендыі, а іх бацькам гаспадарка налічвае матэрыяльнае заахвочванне.
Лянеўскія – яркі прыклад таго, як можна ўладкаваць сваё жыццё на малой радзіме: Дзмітрый нарадзіўся ў Сіпайлах, Галіна – у Ізобішчы. Стварыўшы сям’ю, яны шчасліва жывуць у Вішове.
Міхась КАРПЕЧАНКА.
Фота аўтара.