У чаканні важнай падзеі

Намеснік старшыні райвыканкама Алена КОТАСАВА правяла сустрэчу з працоўным калектывам БУКП «Жылкамгас».
Прысутныя абмеркавалі галоўную падзею, якая адбудзецца ў рэспубліцы ў бліжэйшы час, – VI Усебеларускі народны сход. Алена Міхайлаўна адзначыла, што на працягу некалькіх месяцаў праводзіцца змястоўная работа па зборы прапаноў па ўнясенні змен у дзеючае заканадаўства, у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. У тым ліку праводзяцца сустрэчы з працоўнымі калектывамі, працуюць дыскусійныя пляцоўкі, арганізавана дзейнасць грамадскіх прыёмных, дзе любы жадаючы можа ўнесці свае прапановы і атрымаць адказ на цікавячыя яго пытанні.
– Як вядома, на абмеркаванне ўдзельнікаў сходу будуць вынесены асноўныя палажэнні праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на бліжэйшыя пяць гадоў, – сказала выступоўца. – З улікам задач, пастаўленымі
рэспубліканскімі органамі ўлады, аналагічны план будзе распрацаваны і для Бялыніцкага раёна. Увогуле, уся тая праца, што праводзіцца ў раёне, накіравана на павышэнне ўзроўню жыцця насельніцтва. За мінулы год удалося выканаць 2 з 4 паказчыкаў эфектыўнасці сацыяльна-эканамічнага развіцця і 8 з 10 заданняў, зацверджаных адпаведным рашэннем аблвыканкама. Аднак, на жаль, эпідэміялагічная абстаноўка не дае развівацца раёну ў некаторых кірунках, у тым ліку ў галіне інвестыцый.
Кранаючыся тэмы ўзроўню заработнай платы, Алена Котасава адзначыла, што жылкамгас сёння трымае ў гэтым кірунку дастойную планку, а таксама ў чарговы раз нагадала вядомую ісціну – зарплата зарабляецца, а не налічваецца.
Алена Котасава таксама спынілася на тэме Стратэгіі ўстойлівага развіцця Магілёўскай вобласці – галоўнага дакумента доўгатэрміновага планавання працэсаў стратэгічнага развіцця рэгіёна да 2035 года ў кантэксце сучасных глабальных, рэгіянальных і мясцовых выклікаў. У аснове Стратэгіі – мадэльустойлівага развіцця, якая ўлічвае экалагічную і
лічбавую трансфармацыю працэсаў развіцця і забяспечвае ўзрост якасці жыцця насельніцтва, развіццё бізнес-асяродка, арыентуе на захаванне прыродных рэсурсаў і г.д.
– На аснове Стратэгіі аналагічны праграмны і прагнозны дакумент будзе распрацаваны і ў нашым раёне. Хацелася б запрасіць усіх далучыцца да гэтага працэсу і ўнесці свае ідэі наконт бачання далейшага развіцця Бялыніччыны. Самыя цікавыя і змястоўныя з іх будуць улічаны пры распрацоўцы названага дакумента, – заключыла Алена Міхайлаўна.
Вольга НАБОКАВА.
Фота аўтара.