Трыумф маладосці, прыгажосці і грацыі

У раённым Цэнтры культуры напярэдадні самага цудоўнага вясновага свята – Міжнароднага дня жанчын – адбыўся конкурс прыгажосці «Міс Бялынічы-2021».
Пяць маладых прадстаўніц найлепшай паловы чалавецтва: студэнтка МДУ імя А. Куляшова Вікторыя АКУНЁВА, кандытар Дар’я ІЛЬЯШЭВІЧ, адзінаццацікласніцы Віялета ШАРАПАВА (СШ №2), Лія ЗАЙЦАВА (СШ №1 імя М.І Пашкоўскага) і выхавацель дзіцячага садзіка №3 Марына КАЦЯШОВА змагаліся за званне самай прыгожай, лепшай і непаўторнай.
У творчых конкурсах дзяўчаты распавядалі пра сябе, свае захапленні і мары, паказвалі таленты і інтэлект, уменне трымацца на сцэне і, вядома ж, як у сапраўдных конкурсах прыгажосці, дэманстравалі знешнія дадзеныя падчас дэфіле ў купальніках і вячэрніх сукенках.
Да кожнага конкурсу дзяўчаты падыходзілі крэатыўна і нават зрабілі невялікія відэавізіткі. А як уразілі яны журы сваімі кулінарнымі здольнасцямі! Уласнаручна прыгатаваныя любімыя стравы: плоў, шашлыкі, торт, бліны і тарталеткі толькі адным сваім выглядам абуджалі апетыт ва ўсіх прысутных. Удзельніцы конкурсу не толькі самі прыгатавалі стравы, а яшчэ па-асабліваму іх прадставілі: з танцамі, вершамі, падзяліліся гісторыямі з’яўлення іх у нацыянальных кухнях.
Строгае журы, у склад якога ўвайшлі загадчык сектара спорту і турызму райвыканкама Васіль КРАЎЦОЎ, дырэктар дапаможнай школы-інтэрната Аляксандр МАМЧАНКА, намеснік дырэктара дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў Станіслаў БУРКО, прадстаўнік кампаніі «Арыфлэйм» Ірына НАРОВІЧ і ўладальнік звання «Містэр Бялынічы-2016» Мацвей ЗАЛЯСОЎСКІ, не забывалася пра свае абавязкі, але, між тым, разам з усімі гледачамі атрымлівалі задавальненне ад таго прыгожага дзейства, што адбывалася на сцэне. Для вызначэння лепшых з лепшых ім давялося доўга раіцца, бо ўсе ўдзельніцы прадэманстравалі не толькі выдатныя знешнія дадзеныя, а яшчэ і грунтоўную падрыхтоўку.
У выніку званне «Міс Грацыя» атрымала Дар’я Ільяшэвіч, тытул «Міс Зачараванне» – Віялета Шарапава. Сваімі ўсмешкамі скарыла журы Вікторыя Акунёва. Станіслаў Бурко не толькі ўручыў ёй Дыплом уладальніцы звання «Міс Усмешка», але і адкрыў адну з інтрыг конкурсу: менавіта ў гэты дзень Вікторыя і яе малады чалавек сталі адной сям’ёй.


Званне «Віцэ-міс Бялынічы-2021» па праву дасталося Марыне Кацяшовай.
Старшыня журы Васіль Краўцоў выканаў самую прыемную частку цырымоніі ўзнагароджання. Ён аб’явіў пераможцу конкурсу прыгажосці – вучаніцу СШ №1 імя М.І. Пашкоўскага – Лію Зайцаву і ўручыў ёй карону «Міс Бялынічы-2021».

Таксама Лія стала пераможцай конкурсу глядацкіх сімпатый, аб’яўленага ў сацыяльных сетках, і які прадоўжыўся непасрэдна ў час правядзення мерапрыемства. Ёй было прысвоена і спецыяльнае званне – «Міс БРСМ» – за актыўную жыццёвую пазіцыю і ўдзел у маладзёжным жыцці раёна.
Усе ўдзельніцы конкурсу прыгажосці атрымалі дыпломы і па дарункі ад спонсараў: аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, Цэнтра фізкультурнай і аздараўленчай работы, індывідуальных прадпрымальнікаў Юліі ЦІТАЎЦОВАЙ, Ірыны НАРОВІЧ і Вольгі СОБАЛЬ.
Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.
Фота аўтара.