Пятница, 26 апреля 2024 года
Russian Belarusian English
Главная - Новости - Новости региона - Рызыкуюць жыццём дзеля кожнага з нас
28 июля

Рызыкуюць жыццём дзеля кожнага з нас

­­­Па захаваных дакументах 25 ліпеня 1853 года лічыцца днём стварэння пажарнай службы Беларусі. Як і 165 год таму сёння ратавальнікі, нягледзячы на не­бяспеку, якая чакае іх падчас ліквідацыі надзвычайных сітуацый, прыходзяць на дапамогу людзям.
– 165 гадоў – значная дата, – адзначыў начальнік РАНС Віталь ВОРАНАЎ. – За гэты час пажарная служба некалькі разоў змянялася і мадэрнізавалася. Сучасныя ратавальнікі ліквідуюць не толькі пажары, але і іншыя надзвычайныя сітуацыі рознага характару.
Дзякуючы пастаяннай працы, накіраванай на прафілактыку надзвычайных здарэнняў, па словах начальніка РАНС, за першае паўгоддзе бягучага года адбылося на два пажары менш у параўнанні з гэтым жа перыядам мінулага года.  Гібелі людзей, на шчасце, за шэсць месяцаў удалося пазбегнуць.

­
– У гэтым заслуга не толькі ратавальнікаў, але і членаў аглядальных камісій, якія на пастаяннай аснове разам з пажарнымі абследуюць домаўладанні грамадзян, праводзяць з імі прафілактычныя гутаркі, – падкрэсліў Віталь Воранаў.
У гонар свята ён падзякаваў усяму асабоваму саставу РАНС за добрасумленную службу і пажадаў кожнаму, каб у іх прафесійным жыцці было як мага менш надзвычайных сітуацый. У той момант, калі ў кагосьці здараецца бяда, яна становіцца для ратавальнікаў агульнай. А трагедыя заўсёды дрэнна адбіваецца на псіхалагічным стане пажарнага, таму што прывыкнуць да чужога гора немагчыма.
Не сакрэт, што супрацоўнік пажарнай службы павінен быць адважным, мець выдатную фізічную форму, валодаць тэарэтычнымі ведамі і практычнымі навыкамі па барацьбе са стыхіяй. У іх прафесіі выпадковых людзей няма. Кожны прыйшоў па закліку сэрца, вырашыўшы калісьці для сябе раз і назаўсёды – ратаваць людзей любой цаной.
Старшы інжынер групы арганізацыі функцыянавання дзяржаўнай сістэмы папярэджвання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароны Ілья ЦІКУНОЎ служыць у РАНС з лютага 2011 года. Яшчэ з самага дзяцінства ён вырашыў выбраць для сябе такую прафесію, дзякуючы якой будзе прыносіць карысць людзям. І пасля заканчэння дзясятага класа Ілья Уладзіміравіч цвёрда вырашыў, што будзе ратавальнікам. На такі выбар паўплывала і двухгадовая вучоба ў профільным класе МНС.
– Адразу здавалася, што трапіў у гэты клас выпадкова, але цяпер упэўнены, што выпадковасцяў не бывае! – запэўнівае Ілья Цікуноў. – На працягу двух гадоў у нас былі дадатковыя заняткі, якія праводзілі супрацоўнікі РАНС. Два разы на тыдзень хадзілі ў пажарную часць, дзе знаёміліся з тэхнікай, вывучалі дакументацыю, выконвалі спартыўныя і баявыя нарматывы. У нейкі момант адчуў, што гэта стала часткай майго жыцця. Зразумеў – гэта маё!
Нягледзячы на тое, што назва цяперашняй пасады Ільі Цікунова даволі доўгая, да яе ён даслужыўся за кароткі час. Яго галоўныя абавязкі – кантраляваць працу арганізацый з мэтай папярэджання надзвычайных сітуацый, ажыццяўляць метадычную дапамогу па гэтым напрамку.
– Мне гэта цікава, – адзначае Ілья Уладзіміравіч. –  працуючы на гэтай пасадзе, увесь час адкрываю для сябе шмат новага.
Варта адзначыць, што ён робіць гэта не таму, што трэба, а ў першую чаргу для сябе. Падчас размовы заўважыла, што Ілья Цікуноў такі чалавек, які цікавіцца многім і ніколі не спыняецца на дасягнутым. А сур’ёзны падыход да справы, адказнасць і добрасумленнасць заўсёды дапамагаюць яму ў гэтым.
Акрамя прафесійнай дзейнасці ў яго знаходзіцца час і на іншыя справы. Па-першае, ён з’яўляецца старшынёй пярвічнай арганізацыі БРСМ, камандзірам раённай маладзёжнай добраахвотнай дружыны “Навальніца”. Удзельнічае ў многіх мерапрыемствах, з’яўляецца членам ансамбля народнай музыкі і песні “Бялыніцкія музыкі”,   удзельнікам народнага тэатра мініяцюр “Імпульс”.
Нягледзячы на тое, што гэта ўсё адымае вельмі шмат часу, Ілья Цікуноў з лёгкасцю бярэцца за новыя справы. Цяпер рэалізоўвае ідэю сацыяльнага праекта “Тата-зала”. Яго сутнасць заключаецца ў сумесным правядзенні часу супрацоўнікаў РАНС і іх дзяцей у спартыўнай зале пажарнай часці.
Старшы вадзіцель Віктар КАРАЛЕНАК прыйшоў на службу ў РАНС па закліку сэрца. І вось васямнаццаць гадоў ад яго аператыўнасці залежыць час прыбыцця пажарных на месца здарэння.
– Мяне прыцягвае тое, што мая прафесія патрабуе вялікай адказнасці, – расказвае Віктар Сяргеевіч. – Тут строгая дысцыпліна і рэжым. А мне гэта падабаецца.
Дарэчы, сёлета падчас урачыстага мерапрыемства, прымеркаванага да Дня ратавальніка Рэспублікі Беларусь, Віктар Караленак быў узнагароджаны нагрудным знакам МНС “Выдатнік”, а напярэдадні Дня пажарнай службы — медалём “За бездакорную службу” ІІІ ступені.
­
­
Дыспетчар цэнтра аператыўнага кіравання Кірыл ГАРБЫЛЁЎ – першы супрацоўнік у змене, які  даведваецца пра здарэнні. Яго праца заключаецца ў прыёме паведамленняў, адпраўцы падраздзяленняў на месца ліквідацыі надзвычайнай сітуацыі.
– Галоўная мая задача – удакладніць месца, дзе адбылося здарэнне, – распавядае Кірыл Гарбылёў. – Уся інфармацыя пасля паступлення адсылаецца службам узаемадзеяння – у раён электрычных сетак, газазабеспячэння, ЦРБ, РАУС, а таксама перадаецца кіраўніцтву аддзела і ў абласное ўпраўленне МНС.
Акрамя гэтага, дыспетчару трэба даць указанні чалавеку на другім канцы провада, каб той у паніцы не забыўся пра асноўныя правілы паводзін у экстранай сітуацыі.
Дзесяць гадоў у аддзеле служыць камандзір аддзялення Яўген ШУТОЎ. Расказаў, што з усіх баявых выездаў больш за ўсё запомніўся пажар па вуліцы Ленінская.
– Дом быў вялікі, на вуліцы моцны мароз, – успамінае Яўген Генадзьевіч. – Ліквідоўвалі пажар больш сямі гадзін, але выратаваць жыцці двух чалавек, якія знаходзіліся ўнутры, так і не ўдалося. Потым яшчэ ўсю ноч дзяжурылі, а пад раніцу паехалі ў Круглянскі раён на дапамогу – там адбыўся пажар на льнозаводзе. Складаная змена выдалася, таму і памятаецца.
З 1997 года на пасаду начальніка ПАВП № 14 аг. Цяхцін быў прызначаны Дзмітрый БАРАНАЎ.
Стаж яго работы яшчэ раз пацвярджае той факт, што на службу ён патрапіў не выпадкова. Па словах Дзмітрыя Васільевіча, ён рады дапамагаць людзям, выратоўваць іх жыцці.
– Калі пасля пажару атрымалася захаваць чалавечае жыццё, – гэта самая лепшая ўзнагарода для мяне як для ратавальніка. У такія моманты разумееш сваю патрэбнасць і карысць, – адзначыў Дзмітрый Баранаў.
У штаце ПАВП восем чалавек, якія дастойна нясуць сваю службу, старанна працуюць па прафілактыцы ўзнікнення надзвычайных сітуацый.
– За дваццаць гадоў пабачыў многае, – распавядае Дзмітрый Баранаў. – Але ўсе адмоўныя эмоцыі стараюся забываць, хоць усё роўна яны захоўваюцца ў памяці. Некаторыя думаюць, што да ўсяго можна прывыкнуць, але памыляюцца: да гора, нават чужога табе чалавека, прывыкнуць немагчыма!
Такога ж меркавання прытрымліваецца і камандзір аддзялення Станіслаў МЯДЗВЕДЗЕЎ.
– Нягледзячы на мноства сітуацый, з якімі давялося сутыкнуцца, усе яны помняцца, – са шкадаваннем кажа ратавальнік. – Лепш больш вучэнняў, чым баявых выездаў. Хачу адзначыць, што ў апошні час, дзякуючы прафілактыцы, удалося прыкметна зменшыць колькасць трывожных выездаў. Калі толькі прыйшоў, выязджаць прыходзілася да трох разоў за адну змену. Цяпер такога, на шчасце, няма.
Паводле яго слоў, з псіхалагічным станам справіцца па-ранейшаму цяжка, тым больш, што цяпер адказнасці больш – ён кіруе дзеяннямі пажарных, таму ад правільнасці яго ўказанняў залежыць многае.
Тым не менш прафесія ратавальніка Станіславу Мядзведзеву падабаецца і ні пра якую іншую гаворкі быць не можа, бо дэвіз яго: “Хто, калі не мы?”
Старонкі гісторыі
Першая добраахвотная пажарная дружына ў Бялыніцкім раёне была створана ў 1903 годзе. У перыяд першай Сусветнай вайны яна не функцыянавала, бо члены яе былі мабілізаваны на фронт. Сваю працу пажарная дружына аднавіла толькі ў 1921 годзе.
У 1944 годзе пасля вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў была створана пажарная каманда ў складзе 29 чалавек. На ўзбраенні іх былі ручная помпа, чатыры кані, сем багроў, пяць сякер, шэсць кірак і столькі ж рыдлёвак. У дзяжурны каравул уваходзілі сем чалавек: начальнік каравула, яго памочнік і пяць байцоў.
Пажарнае дэпо было пабудавана ў Бялынічах толькі ў 1952 годзе, у  ім да 2007 года размяшчалася пажарная часць.
Першы пажарны аўтамабіль з’явіўся ў 1955 годзе. Адметна тое, што на ім выязджаў на пажар толькі адзін вадзіцель.
Да пачатку 1970-х у дзяжурнай змене былі ўжо два пажарныя аўтамабілі, акрамя вадзіцеля, на здарэнні выязджалі начальнік каравула і адзін баец. У штат таксама ўведзена пасада інструктара па пажарнай прафілактыцы.
У 1980-я гады ў раёне, акрамя існуючай гарадской пажарнай часці, былі створаны дзевяць міжгаспадарчых апорных пунктаў пажарнай аховы.
У 1994 годзе прафесійная часць была ператворана ў ваенізаваную часць, а ў 1995 створаны чатыры асобныя пасты ў вёсках Галоўчын, Вішоў, Вялікая Машчаніца і Цяхцін. У склад інспекцыі дзяржаўнага пажарнага нагляду ў той час уваходзілі: начальнік інспекцыі, які з’яўляўся намеснікам начальніка ВПЧ (галоўнага дзяржаўнага інспектара раёна), а таксама супрацоўнік філіяла цэнтра навучання правілам пажарнай бяспекі.
У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 верасня 1998 года № 442, пажарныя падраздзяленні раёна былі выдзелены з структуры МУС і далучаны да МНС.
У 1999 годзе, у сувязі з ускладаннем новых ­функцый і задач, падраздзяленні ваенізаванай пажарнай службы ператвораны ў пажарныя аварыйна-выратавальныя падраздзяленні, на базе якіх ў 2001 годзе сфарміраваны раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях.
Марыя ШУТ.
­
­­
Поделиться:

Афиша и объявления

18 апреля
24 и 26 апреля 2024 года в районном центре культуры (г.Белыничи, ул.Советская, д.20) будет проводиться республиканская молодежная ярмарка вакансий по вопросу...
4 апреля
Прием граждан 12 апреля 2024 г. с 9.00 в здании райисполкома проведет выездной прием граждан и представителей юридических лиц помощник Президента...
4 апреля
В здании райисполкома проведет выездной прием граждан Министр архитектуры и строительства Республики Беларусь Пархамович Руслан Викторович.
© 2007 Белыничский районный исполнительный комитет
213051, г. Белыничи, ул. Советская, 29
+375 (2232) 78-7-22, +375 (2232) 78-7-22 (факс)
rik@belynichi.gov.by
  Дизайн и разработка -
«Реактивные технологии»
AskerWEBТехническая поддержка сайта. ООО "AskerWeb"
Телефон «горячей линии» Белыничского исполкома

+375 (02232) 78-741

Понедельник – пятница с 8.00 до 17.00

Перерыв с 13.00 до 14.00

Режим работы Белыничского исполкома

213051 г. Белыничы, ул. Советская, 29

Понедельник – пятница с 8.00 до 17.00

Перерыв с 13.00 до 14.00