Суббота, 18 мая 2024 года
Russian Belarusian English
Главная - Новости - Новости региона - На зямлі можна быць не гарбатым, а багатым
11 декабря

На зямлі можна быць не гарбатым, а багатым

­­Уласную справу ў сферы сельскай гаспадаркі вырашыць распачаць не кожны. Па-першае, гэта запатрабуе вельмі шмат працы і сродкаў. Па-другое, трэба вельмі моцна любіць тое, чым займаешся, бо ўмовы земляробства ў нашай краіне далёкія ад ідэальных.

Але 28-гадовая жыхарка вёскі Вослеўка Таццяна АФАНЕВІЧ упэўнена: на зямлі можна стаць і багатым, і шчаслівым.

З самага ранняга дзяцінства Таццяна палюбіла прыроду. І як не любіць яе, калі побач з роднай вёскай цячэ прыгожая рака Аслік, з другога боку паселішча акружае велічны сасновы бор. Замест таго, каб марыць пра прынцэс і размалёўваць ружовых поні, дзяўчынка захапілася рыбалкай. А калі ёй споўнілася 12 гадоў, тата падарыў дачцэ… вулей з пчоламі і кнігу пра тое, як іх даглядаць.

Разам з бацькам спасцігалі мудрую навуку пчалярства. І ў іх нядрэнна атрымлівалася.

З выбарам прафесіі Таццяна таксама не доўга вагалася: паступіла ў Горацкую сельгасакадэмію на агранамічны факультэт.

Вучоба вельмі падабалася. Больш часу Таццяна старалася ўдзяляць практыцы, асабліва, як расціць і даглядаць розныя расліны. Падчас гэтых заняткаў да яе і пачалі прыходзіць думкі аб тым, каб заняцца вырошчваннем ягад і гародніны ў прамысловых маштабах.

Але час пачаў уносіць невялікія карэктывы. Пасля заканчэння ВНУ паўстала пытанне ўладкавання на працу. Па размеркаванні Таццяна патрапіла ў Сухароўскі філіял ААТ «Агракамбінат «Прыдняпроўскі», што ў Магілёўскім раёне. Калі б не цяжкасці з жыллём і тым, што даволі складана было дабірацца да бацькоў, можа, і засталася б. Але дзяўчына выйшла замуж, нарадзілася дачушка Аліна. Маладая сям’я Афаневічаў вырашыла застацца на малой радзіме Тані і пабудаваць дом у Вослеўцы.

Аднойчы, аглядаючы свой участак зямлі, Таццяна з мужам прыйшлі да агульнай думкі: а чаму б і не распачаць сваю справу прама зараз?

Безгаспадарчыя ўчасткі, што былі побач з домам, вырашылі аб’яднаць у адзін і аформіць зямлю як прыватную падсобную гаспадарку.

Гэта, на першы погляд нескладаная працэдура, заняла вельмі шмат часу. Уся зямля, якой карысталіся вяскоўцы, аказалася ўвогуле без дакументаў, таму прыйшлося добра паклапаціцца з афармленнем.

– Зямлю распланавалі ў залежнасці ад таго, якія культуры можна там вырошчваць, – распавядае Таццяна. – У нас вельмі лёгкая, пясчаная глеба. Тут нядрэнна расце ўсё, але летам агароду патрабуецца шмат вады. Мы разгарнулі сістэму кропельнага паліву і засухі цяпер не страшныя. Праз сістэму паліву можна і падкормліваць расліны. Напрыклад, клубніцы. Яны вельмі добра рэагуюць на ўгнаенні.

Самае першае, што пасадзілі Таццяна з мужам, і былі клубніцы. Выбіралі лепшыя гатункі, ягады якіх маюць найбольш таварны выгляд і смак. Амаль палову гектара заняў малады сад. Там, акрамя звычайных для нас груш і яблынь, растуць вішні, абрыкосы, персікі. Яшчэ 20 сотак займае плантацыя вінаграду сталовых і тэхнічных гатункаў. Пасадачны матэрыял Таццяна вырасціла з чаранкоў, якімі шчодра падзяліліся знаёмыя. Такім жа чынам яна заклала невялікую плантацыю ажыны. На наступны год плануе пасадзіць маліны, журавіны і буякі.

– Наконт вырошчвання буякоў доўга вагалася, – распавядае Таццяна. – Ягадніку патрэбна асаблівая зямля, кіслы торф, які ў нас у раёне не здабываюць. Каб ягады добра радзілі, агародную глебу неабходна максімальна адаптаваць да лясной. Да таго ж, буякі ў нашай краіне так сказаць, па-за канкурэнцыяй. Іх мала хто вырошчвае, бо гэта справа не аднаго года. Але ўкладзеныя ў яе сілы ў будучым вяртаюцца з лішкам. Ягады буякоў карыстаюцца вельмі вялікай папулярнасцю не толькі ў нас, але і за мяжой.

­

Большасць пасадачнага матэрыялу для сваіх плантацый Таццяна, як аграном, вырабляе сама. Штосьці вырошчвае з насення, штосьці чаранкуе… Здаецца, палку ўваткне ў зямлю – і тая вырасце! У бацькоў на агародзе побач з градкамі з цыбуляй і морквай яна стварыла цэлы гадавальнік розных раслін: хвойных, дэкаратыўных кустарнікаў, ягаднікаў і шмат чаго іншага. Хвойныя – адны з самых любімых. Прыгожымі соснамі, кедрамі і туямі ўпрыгожыла не толькі ягадныя плантацыі, іх пасадзіла і побач з будучым домам.

Няўрымслівая Таццяна не пакідае і дзіцячае захапленне – пчалярства. Хоць ёй у многіх справах дапамагаюць бацькі і муж, усё ж большую частку працы па догляду за пчоламі робіць самастойна. А калі ўзнікаюць пытанні, на дапамогу прыходзяць сябры, знаёмыя і, вядома ж, інтэрнэт. Пра свае агародныя эксперыменты Таццяна Афаневіч таксама актыўна расказвае ў сацыяльных сетках «Укантакце» і «Інстаграм». Адзінае, што крыху яе засмучае, гэта адсутнасць у нашай краіне «школы» прамысловага агародніцтва. На Магілёўшчыне гэта ніша амаль пустая, мала хто займаецца вырошчваннем ягад на продаж, лічаць, што не знойдуць збыт. Але жанчына ўпэўнена: будзе прапанова, знойдзецца і попыт.

– Я і на любімае захапленне – рыбалку, знаходжу час, – усміхаецца Таццяна. – Мы з мужам абодва не адмовімся пасядзець з вудачкамі. Але ўсё ж найбольшае маральнае задавальненне атрымліваю тады, калі займаюся агародам. Тым больш, у мяне падрастае памочніца. Дачушцы Аліне ўсё цікава, яна шмат часу праводзіць са мной на ўчастку, вучыцца, дапамагае.­ На агародніцтва «падсеў» і муж, праўда, ён выконвае больш тэхнічныя і фізічна цяжкія работы. Бацькі таксама шмат ­дапамагаюць. Словам, мая справа ператвараецца з уласнай у сямейную.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара і з архіва Таццяны Афаневіч.

zara.by

Поделиться:

Афиша и объявления

17 мая
Для записи на личный прием к председателю Постоянной комиссии по здравоохранению, физической культуре, семейной и молодежной политике Палаты представителей...
6 мая
8 мая 2024 г. с 16.00 до 17.00 в здании райисполкома проведет выездной прием граждан и представителей юридических лиц, прямую телефонную линию по телефону...
30 апреля
8 мая 2024 г. с 10.00 до 11.00 в здании райисполкома пройдет выездной прием граждан и представителей юридических лиц, прямая телефонная линия
© 2007 Белыничский районный исполнительный комитет
213051, г. Белыничи, ул. Советская, 29
+375 (2232) 78-7-22, +375 (2232) 78-7-22 (факс)
rik@belynichi.gov.by
  Дизайн и разработка -
«Реактивные технологии»
AskerWEBТехническая поддержка сайта. ООО "AskerWeb"
Телефон «горячей линии» Белыничского исполкома

+375 (02232) 78-741

Понедельник – пятница с 8.00 до 17.00

Перерыв с 13.00 до 14.00

Режим работы Белыничского исполкома

213051 г. Белыничы, ул. Советская, 29

Понедельник – пятница с 8.00 до 17.00

Перерыв с 13.00 до 14.00